І этап – школьный.

Ученическая конференция «Лірнік вясковы»

Тэма: Лірнік вясковы

Мэта: пашырыць светапоглядныя асновы ўспрымання вучнямі жыццёвага і творчага шляху Уладзіслава Сыракомлі

Задачы:

садзейнічаць патрыятычнаму выхаванню вучняў;

узбагачаць вучняў ведамі аб гісторыі і культуры роднага краю;

спрыяць фарміраванню пачуцця павагі да культурных здабыткаў беларускага народа

Форма правядзення: вучнёўская канферэнцыя

Абсталяванне і вучэбныя матэрыялы: матэрыялы літаратурнага музея “Лірнік вясковы”, камп’ютарная прэзентацыя “Уладзіслаў Сыракомля”

Ход вучнёўскай канферэнцыі

1. Арганізацыйны момант.

2. Вучнёўская канферэнцыя.

Уступныя словы настаўніка.

1-ы вучань. Польскі і беларускі паэт У. Сыракомля (сапраўднае Кандратовіч Людвік) нарадзіўся 29.09.1823 г. у сялянскай сям’і. Адукацыю атрымаў у дамініканскіх школах у Нясвіжы (1833–35 гг.) і Навагрудку (1836–37 гг.). Працаваў у Нясвіжскай канцылярыі па кіраўніцтву панскімі маёнткамі (1840–44 гг.). Арандаваў фальваркі Залучча (Навагрудскі павет), з 1852 г. Барэйкаўшчына, што непадалёку ад Вільні. За ўдзел у антыцарскіх выступленнях зняволены ў віленскую турму (1861 г.). Першы друкаваны твор – пачутае ў Міры і запісанае вершам апавяданне «Паштальён» [«Athenaeum» («Атэyеум»), 1844 г., т. 6], які ў перакладзе паэта Л. Трэфалева стаў рускай народнай песняй «Когда я на почте служил   ямшчиком”.

Паштальён

Народнае апавяданне

“Тут п’юць, гарлапаняць...

Не тужаць па справе.

А ты і не вып’еш чын-чынам.

Вазьмі сабе чарку і, сеўшы на лаве,

Пра беды свае раскажы нам.

Ні бомы, ні рог ці дзяўчына якая

Тваю не разгоняць маркоту.

Ты ў нас два гады, ды ніхто не згадае,

Каб ты весяліўся ў ахвоту”.

“Бо горка на сэрцы

і сумна мне ўсюды,

Няміла на свеце, няміла.

Налі толькі чарку. Без чаркі нікуды.

Адно – не пакінула б сіла.

На пошту пайшоў, калі быў малады я,

Не ведаў ні суму, ні млосці.

Мо воля была ці выгоды якія?

I свята, і ноч – я на пошце.

Ад ранку да змроку,

ад змроку да ранку –

Дарога, паны і пакеты.

Здабуду златоўку – хутчэй на гулянку!

Вясёлы, напіты, наеты.

Дзяўчат баламуціў,

сяброў меў нямала.

Сам пісар мне роўня – і квіта!

І ведалі коні: як свісну, бывала, –

Імчаць, ашалеўшы нібыта.

Дый весела з поштай!

Затрубіш на мосце –

Раз – болей сустрэнеш, раз – меней.

А з панства выпадкам

падхопіш кагосьці –

Тады двухзлатоўка ў кішэні.

Аддаў сваё сэрца адной я дзяўчыне.

Жыла яна ў вёсцы за мілю.

Вяртаюся – хтосьці папрок,

можа, кіне? –

Заскочу тайком хоць на хвілю.

Паклікаў раз пісар мяне апаўночы.

Сказаў: неадкладна! Прыходжу.

Завеі, сумёты! Штодня і штоночы.

Гляджу – і рукамі разводжу.

"Вязі эстафетай!" – было і такое.

Я звык і не надта бядую.

Хутчэй за пакет, за каня, за сядло я –

І ў цемень імчуся начную.

А тут яшчэ вецер, і кудаса вые,

Жахлівае скрозь бездарожжа.

Мільгнулі няўзнак

два слупы верставыя,

Вось хутка і трэці – о Божа!

І раптам я голас пачуў апантаны.

Хтось просіць, відаць, дапамогі.

Ну што ж, памагу!

Можа, нехта, зблуканы,

Знясілеў і збіўся з дарогі.

Каня павярнуў і, здалося мне, чую,

Хтось шэпча: "А што можа стацца?

Дзяўчыне сваёй праз гадзіну-другую

Паможаш, як будзеш вяртацца..."

Зноў страх агарнуў і дыханне сціскае.

Пот змерз нал ілбом, адчуваю.

Каб стогн заглушыць,

затрубіў я ў адчаі

I толькі каня паганяю!

Вяртаўся, як днела.

Конь бегчы не хоча...

Зноў боязь і страх перажыты.

I дух амярцвеў,

толькі сэрца грукоча,

Нібыта званочак разбіты.

Конь чмыхнуў – і мёрзлую

грыву ўздымае.

Ля слупа, пад плахтаю белай,

Жанчына ў сумёце

ляжыць нежывая.

Кранаю – зусім скасцянела.

Атрос крыху снег,

на дарогу паволі

З узбочыны труп падымаю.

Снег з твару згарнуў і...

Дай чарку мне! Болей

Расказваць я змогі не маю".

3-і вучань. Пераважна беларуская па сваёй тэматыцы творчасць паэта адлюстроўвала антыпрыгонніцкія настроі прагрэсіўнай часткі рускага і польскага грамадства. Аўтар паказваў рэалістычныя карціны сялянскага жыцця («Нядзеля», «Непісьменны», «На Палессі»), выкрываў прыгнятальнікаў народу («Лялька», «Эпітафія землеўласніку», «Дзічына», «Ілюмінацыя»), сцвярджаў думку аб неабходнасці барацьбы з прыгонніцкім ладам («Вызваленне сялян», «Фрагменты пра Піліпа з Канапель», «Вясковая школа»). Шырока карыстаўся сюжэтамі і вобразамі беларускага фальклору («Хадыка», «Дакументы»), апрацаваў і пераклаў шэраг народных песен («Доля», «Крук», «Жніўная песня» і інш.). З беларускіх твораў паэта зберагліся да нашага часу вершы «Добрыя весці» (напісаны 1848 г.) і «Ужо птушкі пяюць усюды» (напісаны 1861 г.).

4-ы вучань. З зацікаўленасцю ставіўся да вывучэння гісторыі, этнаграфіі і мовы беларусаў. Вядомы яго даследаванні «Вандроўкі па маіх былых ваколіцах» (1853 г.), «Нёман ад вытокаў да вусця» (1861 г.), «Мінск» (1857 г.), «Кароткае даследаванне мовы і характару паэзіі русінаў Мінскай правінцыі» (1856 г.). На старонках польскага друку змяшчаліся крытычныя артыкулы пісьменніка аб новай беларускай літаратуры. У рэцэнзіях на кнігі В. Дуніна-Марцінкевіча [«Gazeta Warszawska» («Варшаўская газета»), 1855, № 184, 244; 1857, № 16; «Kurier Wilenski» («Віленскі кур’ер»), 1861, № 19, 20], у шэрагу іншых артыкулаў У. Сыракомля выступаў у абарону беларускай літаратуры ад нападкаў рэакцыянераў, скіроўваў увагу на неабходнасць аховы помнікаў культурнай спадчыны Беларусі. Дзеля гэтага асабіста ўдзельнічаў у рабоце Віленскага музея старажытнасцей і Віленскай археалагічнай камісіі. Лепшыя творы паэта ўвайшлі ў кнігі «Выбраныя творы» (1966 г. на беларускай і 1953 г. на рускай мовах). Сярод яго перакладчыкаў – Я. Купала, Я. Лучына, М. Лужанін, У. Дубоўка і інш. Я. Купала і Я. Лучына прысвяцілі паэту свае вершы. У. Сыракомля памёр 15.9.1862 г. у Вільні.

Вывады.

3. Рэфлексія.

Які ўклад унёс Уладзіслаў Сыракомля ў развіццё культуры Беларусі?

Аб якіх старонках жыццёвага і творчага шляху Уладзіслава Сыракомлі вы хацелі б даведацца больш?