На базе СШ №3 г. Любані прайшоў раённы этап творчага конкурсу юных чытальнікаў "Жывая класіка: прысвячаецца маёй Радзіме"

Гасцінна сустракалі ў прыгожай зале сярэдняй школы №3 г. Любані жаданых гасцей – удзельнікаў раённага этапу рэспубліканскага творчага конкурсу юных чытальнікаў «Жывая класіка: прысвячэнне маёй Радзіме». Ён праводзіцца ўжо ў другі раз у мэтах павышэння цікавасці дзяцей і падлеткаў да чытання, развіцця і захавання высокіх маральных каштоўнасцяў і ідэалаў беларускага грамадства, пошуку і падтрымкі таленавітай моладзі і інш. Конкурс праходзіць пад дэвізам «Чытаем шмат, чытаем разам, ствараем сябе і краіну», а арганізатарам раённага этапу выступіў аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама.

42 удзельнікі з устаноў адукацыі Любаншчыны ў чатырох узроставых катэгорыях прадэманстравалі майстэрства выканання і добрае разуменне твораў. Узнёсла гучалі вершы Якуба Коласа, Уладзіміра Караткевіча, Пімена Панчанкі, Рыгора Барадуліна, Ніла Гілевіча і інш., пранікнутыя любоўю да Радзімы. Некаторыя вучні звярнуліся да творчасці аўтараў, якія нарадзіліся на Любаншчыне і шмат што з сваёй паэзіі прысвяцілі роднаму краю, яго гісторыі і прыгажосці. Каб лепш данесці да гледачоў галоўную думку паэтаў, чытальнікі стваралі яркія вобразы – апраналі адпаведныя касцюмы, рыхтавалі музычнае афармленне і мультымедыйныя прэзентацыі. А ў перапынках паміж выступленнямі юных аматараў мастацкага слова прысутных цешылі цікавымі музычнымі нумарамі салісты і вакальная група «Асоль» аб’яднаннеў па інтарэсах «Нотка» (кіраўнік Наталля Бяляй), які наведваюць нашы вучні і «Максімум» (кіраўнік Любоў Стасюк) Любанскага цэнтра дзіцячай творчасці, а таксама група «Арт-Юнити» СШ №3 (кіраўнік Наталля Вярынская). Вядучымі свята былі таксама вучні нашай школы: Вярвнская Дар’я і Курач Дзмітрый, Мазок Ганна і Рудзеня Даніл.

Здаецца, што ў нашай зале сёння пасялілася Эўтэрпа, муза лірычнай паэзіі, – падкрэсліла Алена Вярэнік, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце СШ №3 імя Г.Л. Сячко, член журы конкурсу. – Усе мы атрымалі сапраўднае задавальненне ад роднага беларускага слова, шчырага, прыгожага, мілагучнага. Шануйце мову, беражыце яе, бо яна дае нам магчымасць па-сапраўднаму наталіцца роднымі краявідамі, мілымі сэрцу мясцінамі – тым, што мы завем Радзімай.

Для абвяшчэння вынікаў вядучыя запрасілі на сцэну старшыню журы – Анжэлу Лапановіч, намесніка начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, якая падзякавала чытальнікам за выступленні, адміністрацыі школы за добрую падрыхтоўку мерапрыемства і ўручыла дыпломы ўдзельнікам і, вядома ж, пераможцам. Сярод пераможцаў ёсць і нашы вучні: у другой узроставай катэгорыі (5-6 кл.) пераможцай стала Ганна Мазок (СШ №3 г. Любані імя Г.Л. Сячко). Сярод вучняў 7-8 класаў трэцяе месца падзялілі Дар’я Хацько (СШ №3 г. Любані імя Г.Л. Сячко) і Ульяна Маскаленка (Загальскі ВПК ДС-СШ); у апошняй узроставай катэгорыі (9-10 кл.) дыплом ІІ ступені ў Лізаветы Верамейчык (СШ №3 г. Любані імя Г.Л. Сячко).

Пераможцы будуць рыхтавацца да наступнага этапу конкурсу, а фінал яго пройдзе ў г. Іванава Брэсцкай вобласці ў Дзень беларускага пісьменства.